ПЛА́ВАННЕ СІНХРО́ННАЕ, плаванне мастацкае, плаванне фігурнае,
практыкаванні (комплексы рухаў) у вадзе (часткова на сушы) з элементамі харэаграфіі, акрабатыкі і гімнастычных камбінацый; від воднага спорту. Выконваецца сола, дуэтамі або групай. У спаборніцтвы ўключаюцца тэхн. і адвольная (пры муз. суправаджэнні) праграмы.
Выкананне фігур на вадзе ўзнікла ў 1920—30-я г. ў Еўропе, ЗША, Канадзе і інш. У 1952 створаны К-т сінхроннага плавання пры Міжнар. федэрацыі плавання. Міжнар. спаборніцтвы праводзяцца з 1958. Першы чэмпіянат свету праведзены ў 1973 (Бялград), Еўропы — у 1977 (г. Несшэ, Швецыя), у праграме Алімпіі. гульняў з 1984 (г. Лос-Анджэлес, ЗША). Найб. развіта ў Расіі, Японіі, Канадзе, Францыі, ЗША і інш.
На Беларусі спарт. школа па П.с. створана ў 1982, Федэрацыя сінхроннага плавання — у 1992. Нац. каманда выступае ў міжнар. спаборніцтвах з 1992, сярэбраны прызёр Кубка Еўропы «В» (1994, Польшча), бронз. прызёр (1999, Нідэрланды). Сярод бел. спартсменак найб. вызначыліся Т.Мяшкова — сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1994), Н.Сахарук, К.Надзеждзіна.
т. 12, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)